Пэнсіянэры, прапагандысты і праўладныя пэрсанажы. Каго сёлета паклікалі на Ўсебеларускі сход і што яны пра гэта гавораць

Сёмы Ўсебеларускі народны сход. 24–25 красавіка 2024 году

Першы Ўсебеларускі народны сход Лукашэнка правёў у 1996 годзе, падчас канфлікту зь Вярхоўным Саветам, каб заручыцца падтрымкай для патрэбных яму зьменаў у Канстытуцыю. У 2022 годзе гэты орган упісалі ў Канстытуцыю, сёлета ён пройдзе восьмы раз. Што гэта значыць і чаго чакаць ад гэтай структуры.

18–19 сьнежня ў Менску праходзіць Усебеларускі народны сход (УНС), а менавіта — другое паседжаньне VII УНС. Першае прайшло летась. На ім улады плянуюць зацьвердзіць праграму сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця Беларусі на 2026–2030 гады. Старшыня гэтага органу — Лукашэнка, а сярод дэлегатаў прадстаўнікі ўлады, дэпутаты і сябры праўладных партыяў і саюзаў. Расказваем, як ствараўся гэты орган і ці варта нечага чакаць ад ягоных рашэньняў.

Крыху гісторыі

Першы і самы масавы Ўсебеларускі народны сход прайшоў у Беларусі ў 1996 годзе, у разгар канстытуцыйнага крызісу. Тады абвастрыліся дачыненьні паміж дэпутатамі Вярхоўнага Савету і Лукашэнкам. Ён прапанаваў зьмены ў Канстытуцыю, а менавіта пашырэньне прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў, што ператварала Беларусь з парлямэнцка-прэзыдэнцкай у прэзыдэнцкую рэспубліку. Для гэтага Лукашэнка абвесьціў рэфэрэндум, які мусіў адбыцца ў лістападзе, а перад гэтым, у кастрычніку, ініцыяваў Усебеларускі народны сход на 4700 дэлегатаў. У асноўным гэта былі прыхільнікі Лукашэнкі і прадстаўнікі ягонай улады. Аднак прысутнічалі і тыя, хто пасьля выступаў з крытыкай гэтага ўтварэньня: прафсаюзны кіраўнік Уладзімер Ганчарык і тагачасны прэм’ер Міхаіл Чыгір, які адразу пасьля рэфэрэндуму пайшоў у адстаўку і стаў у апазыцыю да ўлады.

У асноўным дэлегатаў гэтага сходу вызначала вэртыкаль улады: ляяльных «прадстаўнікоў працоўных калектываў», дэпутатаў, прадстаўнікоў праўладных партыяў і саюзаў.

Аналітык інфармацыйнага агенцтва «Позірк» Аляксандар Класкоўскі кажа, што Лукашэнка склікаў «сход сваіх прыхільнікаў» для «эмацыйнай падтрымкі».

Пасьля гэтыя сходы сталі праходзіць раз на 5 гадоў, Лукашэнка на іх прэзэнтаваў праграму на адпаведную пяцігодку. Прадстаўнікоў апазыцыі на сходы не запрашалі. У 2006 годзе на сход спрабаваў трапіць тагачасны кандыдат у прэзыдэнты Аляксандар Казулін. Яго пабілі і затрымалі.

«Уся справа ў тым, што ў 2006 годзе я хацеў паказаць толькі адну простую рэч: у нас у краіне закону не існуе. Мы тады найдэталёвейшым чынам вывучылі ўсе дакумэнты і ўказ аб Усебеларускім сходзе, дзе было канкрэтна прапісана, хто і як туды абіраецца. І, строга прытрымліваючыся літары закону, правялі зьезд нашай партыі, абралі пяць дэлегатаў», — прыгадваў тыя падзеі Аляксандар Казулін у інтэрвію «Народнай волі» у 2021 годзе.

Спроба Аляксандра Казуліна трапіць на Ўсебеларускі народны сход, сакавік 2006 году

Пасьля злому парлямэнцкай галіны ўлады, сходы пераўтварыліся ў рытуал, мяркуе Аляксандар Класкоўскі.

«Прэзыдэнцкая ўлада стала манапольнай, Лукашэнка не бачыў супернікаў, для якіх трэба было зьбіраць форумы. Аднак, традыцыю ён пераўтвараць не стаў і працягнуў зьбіраць гэтыя форумы, якія ўсё больш нагадвалі зьезды ЦК КПСС», — гаворыць Аляксандар Класкоўскі.

«Запасны аэрадром»

Пасьля рэфэрэндуму 2022 году, вынікі якога не прызналі ні міжнародная супольнасьць, ні апанэнты Лукашэнкі, Усебеларускі народны сход упісалі ў Канстытуцыю як «вышэйшы орган народаўладзьдзя». Цяпер максымальная колькасьць дэлегатаў — 1200 чалавек, частка зь іх пастаянныя, такія як «цяперашні і былы прэзыдэнт», прадстаўнікі ўраду, дэпутаты, судзьдзі. Іншую частку дэлегатаў — прадстаўнікоў нібыта грамадзянскай супольнасьці — абіраюць у квотах для зарэгістраваных арганізацыяў, а гэта на практыцы толькі праўладныя саюзы і аб’яднаньні. Сход мусіць зьбірацца мінімум раз на год. Пашырыліся і паўнамоцтвы гэтага ўтварэньня. Апроч прыняцьця плянаў стратэгічнага разьвіцьця краіны, сход можа ініцыяваць рэфэрэндумы аб зьменах у Канстытуцыі і нават абвясьціць імпічмэнт прэзыдэнту.

Месца правядзеньня УНС традыцыйна упрыгожваюць дзяржаўнымі колерамі. Архіўнае фота

Паводле Аляксандра Класкоўскага, Лукашэнка рэфармаваў УНС і ўпісаў яго ў Канстытуцыю, каб мець «запасны аэрадром» пасьля пратэстаў 2020 году.

«Калі выбухнула народнае паўстаньне і захісталася крэсла Лукашэнкі, то і ў Маскве былі разгубленыя і сталі яму намякаць, што варта ладзіць транзыт улады, але Лукашэнка зацэмэнтаваў усё жорсткімі рэпрэсіямі, плюс Пуцін пачаў ужо рыхтавацца тады да нападу і вырашыў, што коней на пераправе не мяняюць. Аднак Лукашэнка загадзя на ўсякі выпадак пачаў рыхтаваць сабе запасны аэрадром і дзеля гэтага памяняў Канстытуцыю, а гэтыя зьмены рэзка ўзмацнілі пазыцыю Ўсебеларускага сходу. Пасьля Масква перастала ставіць рубам пытаньне пра транзыт улады, але зьмены ўжо ўнесьлі», — даводзіць суразмоўца.

«Сюрпрызаў ня будзе»: Хто будзе на УНС і чаго ад іх чакаць

Самыя папулярныя пасады дэлегатаў УНС — гэта старшыня, кіраўнік, дырэктар, дэпутат, начальнік. Свабода вывучыла сьпіс дэлегатаў. Гэта высокія прадстаўнікі праўладных колаў: былыя і цяперашнія кіраўнікі кшталту экс-кіраўніка Нацыянальнага банку Паўла Калавура, пэнсіянэры, напрыклад, былы сьпікер Палаты прадстаўнікоў Уладзімер Андрэйчанка і колішні прэм’ер Міхаіл Мясьніковіч, новыя кіраўнікі праўладных арганізацый, напрыклад, кіраўніца партыі «Белая Русь» Вольга Чамаданава. Раней яна ўзначальвала прэс-службу Міністэрства ўнутраных справаў.

Нямала сярод дэлегатаў і прадстаўнікоў дзяржаўных СМІ: Грыгорый Азаронак, Іван і Натальля Эйсманты. Ёсьць і праўладныя артысты, напрыклад, дэлегаткай сходу стала колішняя прадстаўніца Беларусі на Эўравізіі Алена Ланская.

Будуць сярод дэлегатаў таксама старшыня праўладнай партыі ЛДПБ Алег Гайдукевіч і колішні кандыдат у прэзыдэнты Анатоль Хіжняк, які прайшоў у квоце праўладнай Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасьці. Колішнюю дэпутатку Ганну Канапацкую таксама запрасілі на УНС, але ў апошні момант. Пра гэта яна напісала на сваёй старонцы ў Facebook.

Архіўнае фота

УНС актыўна асьвятляюць дзяржаўныя мэдыя, распытваючы ўдзельнікаў аб асноўных праблемах краіны. Найчасьцей яны агучваюць усё тое, пра што апошнімі гадамі кажа Лукашэнка.

Напрыклад, малады дэлегат УНС, супрацоўнік «Амкадору» і сябра БРСМ Аляксей Балыш хоча, каб была «пераймальнасьць сярод пакаленьняў», каб моладзь вучылася ў старэйшых, а тыя атрымлівалі ад моладзі зваротную сувязь.

Дэлегатка УНС ад Менскай вобласьці, супрацоўніца пансіянату «Азёрны куток» Ганна Ўласень хоча, каб «моладзь вярталася на вёску».

Студэнтка Горадзенскага ўнівэрсытэту імя Янкі Купалы Анастасія Кісель, таксама дэлегатка на УНС, хоча, «каб моладзь цікавілася дзяржаўнай палітыкай». Усе яны не прамінаюць выпадку ўзгадаць Лукашэнку і пахваліць ягоную палітыку.

Аляксандар Класкоўскі лічыць, што ніякіх сюрпрызаў ад сходу чакаць ня варта, калі раптам у Лукашэнкі «ня здарыцца экспромт».

«Зьбіраюць ляялістаў, якім у райвыканкамах напішуць прамовы. Няма пра што пісаць, таму дзяржаўныя СМІ пішуць пра сход. Ніякіх нечаканасьцяў не будзе. На папярэднім сходзе таксама было відавочна, што пару пытаньняў проста выціснулі з пальца. Гэта будзе звычайная нарада. Адзінае, што Лукашэнка выступіць, бо раней ён зьвяртаўся да народу і парлямэнту, а цяпер да сходу. Калі будуць экспромты, то могуць прагучаць нейкія рэчы пра ЗША, Вэнэсуэлу. А так усё будзе ў стылі паседжаньня КПСС», — кажа Класкоўскі.

Што да будучыні УНС як палітычнага органа, то ён «пятае кола ў возе», гаворыць Класкоўскі. Незразумела, навошта ён існуе. А вось у будучыні гэты «сьпячы інстытут» можа сябе праявіць, бо мае досыць вялікія паўнамоцтвы, дадае экспэрт.

«Архітэктар беларускай сыстэмы сам нагарадзіў тут залішніх элемэнтаў», — падсумоўвае суразмоўца.