Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мікалай Статкевіч — «Чалавек Свабоды — 2025»


Беларускі апазыцыйны палітык і палітычны зьняволены Мікалай Статкевіч, які адмовіўся пакідаць Беларусь пасьля ўгоды паміж уладамі краіны і адміністрацыяй прэзыдэнта ЗША, стаў ляўрэатам прэміі «Чалавек Свабоды — 2025».

Беларуская служба Радыё Свабода штогод прысуджае гэтую сымбалічную ўзнагароду тым, хто пашырае межы свабоды для сябе, Беларусі, сьвету.

11 верасьня 2025 году ў выніку дамоўленасьцяў прадстаўнікоў прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа з Аляксандрам Лукашэнкам з турмаў і калёніяў вызвалілі 52 палітвязьні з умовай, што яны пакінуць Беларусь.

Адзіным чалавекам, які адмовіўся ад такога выправаджэньня, стаў 69-гадовы Мікалай Статкевіч. Яшчэ на беларускім баку мяжы ён вырваўся з аўтобусу, у якім везьлі палітвязьняў.

Постаць самотнага мужчыны на нэўтральнай паласе, бачная праз аб’ектыў камэры назіраньня, калісьці стане адным зь візуальных сымбаляў супрацьстаяньня рэжыму Лукашэнкі.

Мікалай Статкевіч на беларуска-літоўскай мяжы ў Каменным Лагу. Кадар з камэры назіраньня. 11 верасьня 2025 году
Мікалай Статкевіч на беларуска-літоўскай мяжы ў Каменным Лагу. Кадар з камэры назіраньня. 11 верасьня 2025 году

Усе спробы дыпляматаў і паплечнікаў адгаварыць Статкевіча ад вяртаньня ў Беларусь нічым ня скончыліся. Больш за два з паловай году да таго дня ён знаходзіўся ў Глыбоцкай калёніі, у рэжыме інкамунікада — у поўнай ізаляцыі ад вонкавага сьвету.

«Я прыняў рашэньне застацца ў Беларусі. Ніякі Лукашэнка ня будзе мне ўказваць, дзе я мушу знаходзіцца. Я не хачу гуляць па ягоных правілах. Гэта маё рашэньне і яго не зьмяню», — пераказвае Свабодзе словы Статкевіча ягоны паплечнік у партыі «Народная грамада» Яўген Вільскі.

«Гэта быў голас абсалютна незламанага чалавека, нягледзячы на тое, што зь пяці гадоў і трох з паловай месяцаў, праведзеных у калёніі, амаль увесь час ён правёў у адзіночнай камэры», — расказала пра сваю кароткую тэлефонную размову з мужам на мяжы ягоная жонка Марына Адамовіч.

Пасьля людзі ў масках павялі Статкевіча ў невядомым кірунку. Толькі праз тры месяцы жонка атрымала ліст ад Міністэрства ўнутраных справаў аб тым, што Статкевіч «адбывае пакараньне згодна з выракам ад 14.12.2021». Дзе дакладна — невядома дагэтуль.

Як напісаў палітычны аглядальнік Свабоды Валер Карбалевіч, гэтым учынкам Статкевіч «ня проста вярнуўся ў беларускую палітыку, ён увайшоў у беларускую гісторыю». Чалавек, асуджаны на 14 гадоў пазбаўленьня волі, адмаўляецца ад свабоды на чужыне і вяртаецца дадому, за краты.

Лідэр вулічнага супраціву аўтарытарызму Лукашэнкі, адзін з самых непрымірэнных ягоных праціўнікаў, Статкевіч заплаціў высокую цану за бескампрамісную нязломную пазыцыю. З 20 апошніх гадоў ён правёў за кратамі звыш 12. Праваабарончыя арганізацыі тройчы прызнавалі яго палітычным вязьнем.

«Я гатовы ахвяраваць сваёй свабодай, каб наблізіць свабоду сваёй краіны, — сказаў Мікалай Статкевіч у інтэрвію Свабодзе ў 2016 годзе, пасьля амаль пяці гадоў у турме. — Я змагаюся за Беларусь. Я буду працягваць гэтую працу, пакуль я жывы».

Ляўрэаты прэміі «Людзі Cвабоды»

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG