Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўразійскі банк разьвіцьця прагназуе рост ВУП Беларусі ў 2026 годзе ў памеры 1,8%


Беларускі мэталюргічны завод, Жлобін. Архіўнае фота
Беларускі мэталюргічны завод, Жлобін. Архіўнае фота

Стрымліваючым фактарам застаецца зьніжэньне попыту на беларускую прадукцыю ў Расеі.

Эўразійскі банк разьвіцьця (ЭАБР) прадставіў макраэканамічны прагноз на 2026-2028 гады, ён прагназуе, што прырост ВУП у Беларусі складзе 1,8%.

«Аналітыкі Эўразійскага банка разьвіцьця прагназуюць, што тэмп росту агрэгаванага ВУП сямі дзяржаў — удзельніц гэтага блёку складзе 2,3 працэнта ў 2026 годзе. Пры гэтым яны чакаюць, што большасьць краін захавае высокую эканамічную актыўнасьць. Рост ВУП прагназуецца ў 2026 г.: у Армэніі — 5,3%, у Беларусі — 1,8%, у Казахстане — 5,5%, у Кыргызстане — 9,3%, у Расеі — 1,4%, у Таджыкістане — 8,1% і ва Узбекістане — 6,8%», — паведамляе ЭАБР.

«Паніжаныя цэны на нафту абмяжуюць экспартную выручку краін — экспарцёраў энэрганосьбітаў (Казахстан, Расея), але не акажуць сур’ёзнага ціску на іх эканамічны рост. Для імпарцёраў нафты (Армэніі, Беларусі, Кыргызстана, Таджыкістана і Ўзбэкістана) ніжэйшыя цэны палепшаць умовы гандлю і дапамогуць стрымаць рост унутраных цэн», — пішуць аналітыкі.

У 2025 годзе эканоміка рэгіёна апэрацый ЭАБР вяртаецца да ўмеранага, раўнаважкага ўзроўню пасьля двух гадоў рэкорднага росту. Паводле ацэнак аналітыкаў ЭАБР, ВУП рэгіёну павялічыцца на 1, 9% па выніках 2025 годзе пасьля 4, 5% у 2024 годзе. Запаволеньне тлумачыцца ў першую чаргу «ахаладжэньнем» эканомікі Расеі.

У Беларусі, як мяркуюць аналітыкі ЭАБР, прагназуецца слабы рост — на ўзроўні 1,8% з наступным паскарэньнем.

«Стрымліваючым фактарам застаецца зьніжэньне попыту на беларускую прадукцыю з-за запаволеньня эканомікі ключавога гандлёвага партнэра — Расеі. Пры гэтым высокая інвэстыцыйная і спажывецкая актыўнасьць падтрымліваюць рост эканомікі», — пішуць аналітыкі.

Яны мяркуюць, што інфляцыя ў Беларусі будзе знаходзіцца каля абноўленай мэтавай адзнакі — 7%. Яе прыскорыць імпарт цэнавага ціску з Расеі і дэфіцыт працоўных рэсурсаў. Сярэдні курс беларускага рубля ў 2026 годзе прагназуецца на ўзроўні 3,32 бел.руб./даляр. Умеранае паслабленьне курсу зьвязана з ростам імпарту і скарачэньнем экспарту тавараў.

  • Эўразійскі банк разьвіцьця – міжнародная фінансавая арганізацыя, створаная краінамі Эўразійскага эканамічнага саюза «для садзейнічаньня эканамічнаму росту і інтэграцыі дзяржаў-удзельніц эўразійскага рэгіёну.
  • Краіны-ўдзельніцы ЭАБР: Армэнія, Беларусь, Казахстан, Кыргызстан, Расея і Таджыкістан. У 2024-2025 гадах ідзе працэс уступленьня Узбэкістана ў склад акцыянэраў.
  • Банк інвэстуе ў буйныя інфраструктурныя праекты, энэргетыку, прамысловасьць і транспарт.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Людміла Чэкіна
XS
SM
MD
LG