У Дзень беларускага кіно ў варшаўскім кінатэатры Amondo прайшоў адкрыты паказ новых работ аўтараў сэрыялу «Працэсы» і праекту «ЧынЧынЧэнэл» рэжысёра і сцэнарыста Андрэя Кашперскага, сцэнарыста і кампазітара Міхаіла Зуя, прадусара і апэратара Ягора Яфімава. Каманда праекту паказала гледачам дзьве кароткамэтражныя прэм’еры: камэдыю «Сьвінгеры» і гіранічны хорар «Суд мёртвых».
На паказ прыйшло каля 150 чалавек, каб, у прыватнасьці, падтрымаць аўтараў і ў цэлым падтрымаць беларускае кіно.
У гонар Дня кіно аўтары зрабілі падарунак усім гледачам: кароткамэтражны фільм-жудзік «Суд мёртвых» з Зояй Белахвосьцік у галоўнай ролі апублікаваны ў адкрытым доступе на адзін месяц.
Аб праектах
«Сьвінгеры» (першая сэрыя) — жыцьцёвая камэдыя «пра ўсіх нас», якая выкарыстоўвае правакацыйную тэму сэксу, каб расказаць гісторыю аб тым, як складана дарослым людзям дамовіцца і наважыцца на зьдзяйсьненьне сваіх сапраўдных жаданьняў.
«Суд мёртвых» — гіранічны жудзік, натхнёны рэальным беларускім законам 2023 году, які дазваляе праводзіць суды над памерлымі ў Беларусі. У фільме мерцьвякі літаральна паўстаюць, каб перасьледаваць судзьдзю ў выглядзе зданяў. Фільм удзельнічаў у васьмі міжнародных кінафэстывалях, у прыватнасьці на самым вялікім хорар-фэстывалі ў Мэксіцы — MACABRO, і выйграў галоўную ўзнагароду на кінафэстывалі Northern Lights Film Festival 2025 (Паўночнае Зьзяньне 2025). Цяпер каманда працуе над стварэньнем поўнамэтражнай вэрсіі.
Рэжысэр Андрэй Кашперскі пракамэнтаваў праекты:
«Беларускае кіно, як пэрсанажы нашага фільму „Суд мёртвых“ — яго хаваюць, а яно паўстае зь мёртвых і прыходзіць да сваіх гледачоў у выглядзе прывіда. Нас, беларускіх кінематаграфістаў, не пахаваць! Мары Тамковіч „Пад шэрым небам“ на HBO і эўрапейскім Оскары, ці фільм Юрыя Сямашкі „Лебядзіная песьня Фёдара Азёрава“ на Бэрлінале — таму яскравыя доказы!»
Фільм «Суд мёртвых» даступны для прагляду на працягу месяца (да 17 студзеня) па спасылцы.
Форум