18 сьнежня каля чацьвёртай раніцы аўтобусы зь беларусамі прыехалі з Украіны ў Варшаву.
Каля Цэнтру беларускай салідарнасьці з кветкамі іх сустракалі родныя, журналісты, былыя палітвязьні, прадстаўнікі Аб’яднанага пераходнага кабінэту, валянтэры, дыпляматы.
Кіраўнік НАУ Павал Латушка запэўніў, што працуе каардынацыйны штаб, куды ўваходзіць шмат пазаўрадавых арганізацыі, Аб’яднаны пераходны кабінэт, «Вясна», «Дысыдэнты.бай», «Да волі» ды іншыя, усе ўключыліся ў працу і дапамагаюць.
«Важна перадаць людзям, якія 5 гадоў былі за кратамі, якіх катавалі, якія знаходзяцца ў цяжкім псыхалягічным стане, цяпло і клопат, аказаць ім дапамогу. Людзі будуць жыць першыя дні ў гатэлі, потым у шэлтары, ім будуць прапанаваныя кватэры. Будзе аказвацца мэдычная, псыхалягічная дапамога, дапамогуць з вопраткай, харчаваньнем. Дзякуй усім беларусам, якія так хутка сабралі вялікую суму, каб дапамагчы былым вязьням», — кажа спадар Латушка.
Сярод вызваленых 20 чалавек аказаліся без пашпартоў. Замест дакумэнтаў былым палітвязьням на аркушы фармату А4 выдалі даведкі, якія нібыта пацьвярджаюць іх асобу. Спадар Латушка запэўніў, што ўжо размаўляў з прадстаўнікамі Міністэрства замежных спраў, даводзіў ім, што працэдура афармленьня дакумэнтаў у Польшчы вельмі працяглая.
«Трэба знасьці нейкія выхады, каб прысьпешыць гэты працэс. Бо гэта пытаньні сацыялізацыі, працаўладкаваньня, нармальнага жыцьця. Я спадзяюся, што днямі будзе сустрэча ва Ўправе па справах замежнікаў Польшчы і мы будзем абмяркоўваць магчымыя ушляхі паскарэньня гэтага працэс», — запэўніў спадар Латушка.
Былая палітзьняволеная Вольга Філатчанкава кажа, што вельмі рада, што людзі выйшлі на волю, яны ў бясьпецы, і што ў іх пачнецца новае вольнае жыцьцё.
«Я спадзяюся, што людзі вельмі хутка адновяцца, і ў іх усё будзе добра. Столькі эмоцый перапаўняе мяне! Але шмат людзей яшчэ застаецца за кратамі. І гэта такі боль, што немагчыма трываць. Дагэтуль шмат людзей саджаюць, за кожнага палітвязьня душа баліць.
Сама ведаю, як за кратамі няпроста. Таму мару, каб як мага хутчэй выйшлі ўсе і не было зусім палітвязьняў», — кажа Вольга Філатчанкава.
Віктара Бабарыку, Марыю Калесьнікаву, Максіма Знака сустрэлі прадстаўнікі Амбасады Нямеччыны ў Польшчы.
Форум