У сваім выступе прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп рэзка крытыкаваў палітыку свайго папярэдніка Джо Байдэна, усклаўшы на яго і Дэмакратычную партыю віну за інфляцыю, нелегальную міграцыю і іншыя праблемы, якія, як ён сказаў, яго адміністрацыя пасьпяхова пераадольвае.
«Калі я ўступіў на пасаду, я атрымаў у спадчыну поўную бязладзіцу, якую я ўстараняю», — заявіў прэзыдэнт.
Ён заявіў аб поўным спыненьні нелегальнага пранікненьня ў краіну мігрантаў, прывёў падзеньне коштаў на бэнзін, аўтамабілі, некаторыя прадукты харчаваньня як вынікі палітыкі яго адміністрацыі. Ён казаў аб посьпеху стратэгіі імпартных мытаў, якіх прынесьлі даходы ў казну і дапамаглі прыцягнуць інвэстыцыі ў Злучаныя Штаты.
Паводле слоў прэзыдэнта ЗША, за год памер інвэстыцый склаў 18 трыльёнаў даляраў. З прыбыткаў, атрыманых у выніку збору тарыфаў адміністрацыя Трампа мае намер выплаціць кожнаму амэрыканскаму вайскоўцу 1776 даляраў, адзначыўшы такім чынам 250-годзьдзе абвяшчэньня Злучанымі Штатамі незалежнасьці.
Дональд Трамп закрануў праблему дарагоўлі мэдыцынскага абслугоўваньня, заявіўшы, што грошы за мэдыцынскае страхаваньне ад дзяржавы павінны атрымліваць не страхавыя кампаніі, а амэрыканцы, якія самі вырашаць, якім чынам іх расходаваць на мэдыцынскія патрэбы. У наступным годзе, паводле слоў прэзыдэнта Трампа, вынікі яго палітыкі, у тым ліку, зьніжэньня падаткаў будуць яшчэ больш відавочныя большасьці амэрыканскіх сем’яў.
Прамова прэзыдэнта Трампа прагучала на фоне падзеньня яго рэйтынгаў. Паводле апошніх апытаньняў, яго эканамічную палітыку ўхваляе толькі 36 працэнтаў рэспандэнтаў. Гэта самы нізкі ўзровень за ўсе гады ягонага прэзыдэнцтва. На нядаўніх выбарах губэрнатараў і мэраў у некалькіх штатах дэмакраты атрымалі пераканаўчыя перамогі.
У лістападзе наступнага года адбудуцца прамежкавыя выбары ў Кангрэс, на якіх рэспубліканцы могуць страціць большасьць у адной з палат Кангрэсу. Інфляцыя застаецца галоўнай праблемай у вачах большасьці амэрыканцаў. Яна значна ўпала зь піка, дасягнутага ў часе прэзыдэнцтва Джо Байдэна, але нязначна вырасла ў апошнія месяцы. У наступным годзе рэзка скароцяцца дзяржаўныя субсыдыі на мэдыцынскае страхаваньне для некалькіх дзясяткаў мільёнаў амэрыканцаў з-за адмовы рэспубліканцаў у Кангрэсе падоўжыць іх фінансаваньне.
Як адзначылі камэнтатары, некаторыя зьвесткі, прыведзеныя прэзыдэнтам, не адпавядаюць рэчаіснасьці, напрыклад, лічба 18 трыльёнаў даляраў інвэстыцый перабольшаная, сярэднія кошты бэнзіну па краіне вышэй за прыведзеныя прэзыдэнтам у сваёй прамове.
Прыхільнікі прэзыдэнта заклікаюць яго надаваць больш увагі ўнутраным праблемам краіны і весьці больш актыўны дыялёг з амэрыканцамі.
Форум