Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На 22 года турмы асудзілі беларуса Ерамеева, якога ў Расеі абвінавацілі ў дывэрсіі на БАМе


Сяргей Ерамееў знаходзіцца пад вартай з сьнежня 2023 году. Архіўнае фота
Сяргей Ерамееў знаходзіцца пад вартай з сьнежня 2023 году. Архіўнае фота

Беларуса Сяргея Ерамеева, абвінавачанага ў Расеі ў зьдзяйсьненьні тэрактаў 29 і 30 лістапада 2023 года на Байкала-Амурскай магістралі (БАМ), пакаралі на 22 гады пазбаўленьня волі.

Пра гэта паведаміў 2-гі Усходні акруговы вайсковы суд Расеі, дзе разглялася справа Сяргея Ерамеева.

Прысуд Ерамееву вынесьлі 18 сьнежня. Яго абвінавацілі ва ўдзеле ў тэрарыстычнай супольнасьці, учыненьні тэрарыстычных актаў, праходжаньні навучаньня ў мэтах тэрарыстычнай дзейнасьці, незаконнай кантрабандзе выбуховых прыстасаваньняў і іх захоўваньні.

Генэральная пракуратура Расеі раней зацьвердзіла абвінаваўчы акт датычна грамадзяніна Беларусі Сяргея Ерамеева і перадала ягоную справу на разгляд у 2-і Ўсходні акруговы вайсковы суд, які знаходзіцца ў Чыце (Забайкальскі край).

Як адзначаецца ў афіцыйным паведамленьні, Сяргея Ерамеева абвінавацілі паводле пяці артыкулаў Крымінальнага кодэксу Расеі: ч. 2 артыкул 205.4 (арганізацыя тэрарыстычнай суполкі і ўдзел у ёй), пп. «а, в» ч. 2 артыкулу 205 (тэракт), артыкул 205.3 (праходжаньне навучаньня для ажыцьцяўленьня тэрарыстычнай дзейнасьці), ч. 3 артыкулу 226.1 (кантрабанда выбуховых прылад) і ч. 4 артыкулу 222.1 (незаконнае набыцьцё, перадача, збыт, захоўваньне, перавозка, перасылка або нашэньні выбуховых прылад).

Згодна з вэрсіяй сьледзтва, грамадзянін Беларусі «за грашовае ўзнагароджаньне ўвайшоў у склады тэрарыстычнай суполкі, створанай для выбухаў на аб’ектах транспартнай інфраструктуры Ўсходне-Сыбірскай чыгункі з мэтай узьдзеяньня на ўхваленьне ўладамі Расейскай Фэдэрацыі рашэньня аб спыненьні спэцыяльнай ваеннай апэрацыі».

Выконваючы ўказаньні «арганізатараў злачынства» Сяргей Ерамееў нібыта «атрымаў самаробныя выбуховыя прылады», «усталяваў пульты перад уездам у Паўночна-Муйскі тунэль, выбухоўку заклаў на вагонах-цыстэрнах з дызэльным палівам двух грузавых цягнікоў на бліжэйшых станцыях».

29 лістапада 2023 году ў Паўночна-Муйскім тунэле і 30 лістапада 2023 году на перагоне Перавал — Гарачы Ключ Усходне-Сыбірскай чыгункі адбыліся падрывы выбуховых прыладаў, што прывяло да разбурэньня вагонаў, узгараньня і разьліву паліва, пашкоджаньню чыгуначнай інфраструктуры, у тым ліку элемэнтаў тунэлю. Памер урону ўласьнікам маёмасьці перавысіла 102 мільёны расейскіх рублёў (больш за 1,5 мільёна даляраў у эквіваленце. — РС).

Аб затрыманьні Ерамеева стала вядома 7 сьнежня 2023 году. У распаўсюджаным расейскімі прапагандысцкімі СМІ відэазапісе беларус сказаў, што яго папрасіў перадаць пасылку ў Расею іншы грамадзянін Беларусі, які жыве ў Літве. Ягонае імя не называлі. У ФСБ Расеі заявілі, што беларус нібыта «дзейнічаў у інтарэсах украінскіх спэцслужбаў».

Выбух цягніка ў Паўночна-Муйскім тунэлі Байкала-Амурскай магістралі адбыўся 29 лістапада на перагоне паміж станцыямі Ітыкіт і Акусікан на поўначы Бураціі. Пасьля гэтага рух цягнікоў па Байкала-Амурскай магістралі арганізавалі ў абыход Паўночна-Муйскага тунэля праз «Чортаў мост».

Ва Ўкраіне тады паведамлялі, што падрыў на чыгунцы ў тунэлі быў спэцыяльнай апэрацыяй Службы бясьпекі Ўкраіны.

  • 52-гадовы Сяргей Ерамееў — былы работнік наваполацкага прадпрыемства «Нафтан», зьяўляўся прыбарыстам кантрольна-вымяральных прыбораў і аўтаматыкі.
  • У лістападзе 2020 году ён напісаў заяву аб далучэньні да агульнанацыянальнага страйку пасьля жорсткага разгону акцый пратэсту супраць фальсыфікацыі вынікаў прэзыдэнцкіх выбраў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Людміла Чэкіна
XS
SM
MD
LG